“Навальніца” не толькі ў мае

“Навальніца” не толькі ў мае

У Новым драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля
“Калі б ведаць…”. Яго поўная назва — фантазія на тэму “Чаму людзі не
лётаюць?..” паводле п‘есы “Навальніца” Аляксандра Астроўскага.

Літаратурна-драматычныя творы школьнай праграмы хтосьці лічыць добрай прыманкай для публікі (маўляў, можна культпаходы суцэльнымі класамі ладзіць), хтосьці —  наадварот, надта праблемным рэпертуарам. Бо ў кожнага ёсць сваё ўяўленне, як тую класіку ставіць, а настаўнікі і ўвогуле —  звычайна патрабуюць поўнага супадзення з падручнікам. Дый увогуле —  каб замахвацца на гэтую п’есу не ў хрэстаматыўным варыянце, а ў гэткай аўтарскай пастаноўчай версіі, дый пасля столькіх адметных рэжысёрскіх прачытанняў, патрабуецца не толькі творчая смеласць, але і пэўная амбіцыйнасць, не гаворачы ўжо ўласна пра талент. Усім гэтым галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кулікоўскі не абдзелены. Якой жа атрымалася прэм’ера?

Сцэнаграфія Святланы Макаранка —  мінімалісцкая: дзясятак незразумелых ванначак, якія спачатку нагадваюць могілкавыя помнікі, потым увесь час, як і крэслы, перасоўваюцца па сцэне, становячыся падобнымі да кафедраў-трыбун (многія маналогі наўмысна вымаўляюцца ў залу), каб у фінале ператварыцца ў труну. Невялічкая сцэна тэатра пашырана за кошт другога ярусу, які працягваецца па адной са сценак амаль праз усю залу —  і выкарыстоўваецца вельмі актыўна.

Сяргей Кулікоўскі даўно прывучае гледача да сучаснай эстэтыкі. І разумее, што зрабіць гэта імгненна немагчыма. Таму спрабуе спалучаць сучасны падыход з традыцыйнымі рэчамі. Вось і ў гэтым спектаклі —  прапануе вельмі просты сімвал: усе героі, за выключэннем Кабанавай і Дзікога, ходзяць бы з нейкімі “ланцугамі” на нагах, выклікаючы асацыяцыі з ахвярамі рабаўладальніцкага строя. Пасля ж смерці Кацярыны яе муж з’яўляецца ўвогуле басанож —  вольным. А гледачы запытваюць: няўжо тэатр настолькі збяднеў, што не змог пашыць усім героям нармальнага абутку?

Тым не менш, актыўнага непрыняцця прэм’ера не выклікае —  нават у самых кансерватыўных традыцыяналістаў. І ўжо тым самым закладае падмурак больш трывалым стасункам гледачоў з тэатральнымі заваёвамі сучаснасці.

Тое, што Астроўскі прачытаны з пазіцый цяперашняга часу, відавочна не толькі па сцэнаграфіі, касцюмах, дзе перагукаюцца розныя эпохі, але і па цалкам чэхаўскай расстаноўцы персанажаў: кожны ў кагосьці закаханы, але ўсе —  не ўзаемна. Нават калі і здаецца, што пара быццам бы склалася, як у тых жа Варвары (Надзея Анцыповіч) ды Кудраша (Арцём Пінчук), насамрэч гэта —  падман, бо ў каханне не вераць найперш самі героі, з’яднаўшыся “па разліку”, хіба што не грашовага, а “сексуальна-забаўляльнага”.

Амаль усе героі надзелены псіхалогіяй дзіця, толькі ў розных яе праявах. Ці ж не “вялікае дзіця” —  той жа Кулігін (Валерый Глазкоў) з яго дзіўнаватым выглядам і часам неадэкватнамі паводзінамі? Спачатку ён паўстае захопленым рамантыкам з іншай эпохі, чалавекам з іншага вымярэння, і на словы свайго маналога выдае ў залу песню пад гітарны акампанемент Кудраша. Але потым становіцца зразумела, што ён толькі і ўмее рабіць, як сачыць за ўсімі ў бінокль. Можа, сам яго змайстраваў і за час апрабацыі набыў ман’ерысцкія схільнасці? Бо тыя “падгляданні” яму папраўдзе больш цікавыя, чым рэальныя чалавечыя лёсы. “Навучы, як жыць цяпер?” —  з болем запытвае ў яго Ціхан. А Кулігін бы не чуе: утаропіўся ў біноклевы “тэлевізар”, бы падлетак у экран камп’ютара ці дысплея.

Яшчэ адно “дзіця”, толькі зусім іншае па характары —  Дзікой (Сяргей Толсцікаў). Ён закаханы ў Кабаніху (Наталля Капітонава), і тая быццам не супраць: трэба бачыць, з якім замілаваннем яна ліе яму ваду, каб той асвяжыўся. Але —  не возьме ён на сябе такую адказнасць, яму больш даспадобы роля “непадуладнага падлетка”, якая быццам імітуе ягоную “волю”. Пляменнік Дзікога —  Барыс (Павел Чарноў) —  паўстае абсалютнай роўняй Кацярынінаму мужу (Аляксей Верашчака): усё тая ж псіхалогія дзіця, негатоўнасць прыняць на сябе адказнасць —  не толькі за блізкага чалавека, але і за сябе самога. Нарэшце, “паслухмяным” выхаванцам паўстае дадаткова-збіральная, у параўнанні з п’есай, фігура Чалавека (Эрык Абрамовіч). Замяніўшы сабой “абслугоўчы персанал” (……. Глашу, Феклушу і інш.), ён ператварыўся ў сакратара-альфонса Кабаніхі (адзначым яго цудоўны па пластыцы танец у другой дзеі), які закаханы, тым не менш, у… Кацярыну (Кацярына Ермаловіч).

На такім фоне мужчынскай “ніякаватасці” (пры усёй іх знешняй зухаватасці) у спектаклі ярка выяўляецца тэма фемінізму. Кабаніха невыпадкова ў спектаклі завецца проста па прозвішчы —  Кабанава. Ды на ёй увесь дом трымаецца! Кацярына ж аказваецца не хрэстаматыўным “промнем святла” (ледзь не ўсе апошнія пастаноўкі п’есы абвяргаюць гэты выраз Мікалая Дабралюбава), а ўсё тым жа дзіця ў падлеткава-пераходным узросце: ад дзяўчынкі, што жыла аповедамі пра анёлаў, да жанчыны, якая прагне кахання. Да гэтай абсалютна нармальнай жыццёвай сітуацыі гераіня аказваецца настолькі непадрыхтаванай, што ў пэўны момант апынаецца на мяжы памутнення розуму —  і ў выніку не спраўляецца са сваімі псіхалагічнымі праблемамі.

Тое ж атрымліваецца і з Кабаніхай, якая выступае тут не столькі антыподам Кацярыне, колькі яе адбіткам, хіба крыху больш старэйшым. Яна таксама няшчасная ў каханні: трымае “хлопчыка для ўцех”, а сама думае пра Дзікога, які і сапраўды ёй роўня. Прызнанне Кацярыны парушае ўсе тыя ўстоі, якія яна так заўзята абараняла. А смерць нявесткі і ўвогуле становіцца для яе крахам усёй сям’і —  і яе ўласнай асобы.

Ды ўсё ж найбольшая адметнасць спектакля ў тым, што ён зроблены паводле законаў музычнай драматургіі. Па-першае, у ім многа жывой музыкі, многія героі асацыююцца з пэўным інструментам, стылем, музычнай цытатай: Кудраш не расстаецца з гітарай, Кабанаў пасля прызнання Кацярыны бярэ баян, але іграе на ім адной рукой (чым не сімвал?), Кацярына музыцыруе, як гаварылі ў ХІХ стагоддзі, “на фартэп’янах”.

Па-другое, згаданыя музычныя нумары не выглядаюць “устаўнымі”. Яны ці ўтрымліваюць ускосны “партрэт” якога-небудзь героя (невыпадкова ў час спектакля неаднойчы ўзнікае паралель з “агульным фота на памяць”), ці рухаюць дзеянне: сваё “пакаянне” Кацярына вымаўляе ў час хатняй вечарыны з танцамі ды імправізаваным канцэртам. Тую ж ролю адыгрываюць і працяглыя маналогі, на якія так багата п’еса. Большасць з іх вымаўляецца франтальна, у залу, як спяваюцца арыі ў традыцыйных оперных пастаноўках. А Кулігін выдае свой маналог увогуле напаўспеўна, пад гітарны акампанемент Кудраша.

Па-трэцяе, у спектаклі выкарыстаны прыём паўтораў, выпрацаваны ў мюзіклах: у другой дзеі шмат мізансцэн з першай, толькі ідуць яны з іншым настроем —  быццам у “іншай танальнасці”, як гэта бывае ўласціва тым жа санатна-сімфанічным цыклам.

Так што прэм’ера атрымалася ў поўным сэнсе слова “цэнтрысцкай”: са спасылкамі на многія нашумелыя пастаноўкі, цікавай для знаўцаў і тых, хто сочыць адно за сюжэтам (маўляў, дык чым завершыцца гісторыя?). Засталося дачакацца, калі ж гэты спектакль да свайго стацыянарнага існавання далучыць яшчэ і фестывальныя паказы. Акурат іх і не хапае сёння Новаму драматычнаму, пакуль крыху адарванаму ад агульнага тэатральнага жыцця краіны і замежжа.
Газета “Культура”

Надзея БУНЦЭВІЧ

31.3.2017
 

Добавить комментарий