Па імені Жанна

Новы драматычны тэатр пачаў сезон прэм’ерай спектакля “Жанна” па аднайменнай п’есе маладога расійскага драматурга Яраславы Пуліновіч.

/i/content/pi/cult/714/15613/9.JPGГэта ўжо не першы зварот беларускага тэатра да вострасацыяльнай творчасці згаданага аўтара. Увесну на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы маладым рэжысёрам Аленай Ганум была пастаўлена “Зямля Эльзы”. Але першапраходцам выступіў менавіта Новы драматычны: тры гады таму дзякуючы намаганням галоўнага рэжысёра тэатра Сяргея Кулікоўскага тут узнік спектакль “Як я стаў…”, які і дагэтуль з’яўляецца адным з найбольш прыцягальных для гледачоў, асабліва для моладзі. “Жанна”, таксама пазначаная 18+ і ўвасобленая ўсё тым жа Кулікоўскім, мае яшчэ большыя шансы стаць тэатральным хітом, прычым для самай шырокай публікі розных узростаў.

Інтрыгуе і азначаны рэжысёрам жанр “кіно для дарослых” (не хвалюйцеся: пікантная сцэна са стрыптызёрамі зроблена з добрым густам і не мае нават намёку на пошласць), і пералік дзейных асоб, сярод якіх ёсць адсутныя ў п’есе Майкл Джэксан (Андрэй Бібікаў) і “Татушкі” (Кацярына Сірыўля, Люсінэ Саадзян). Дый у аснове сюжэта — любоўны вузел, прыцягальны ўжо сам па сабе, а ў дадатак яшчэ і аздоблены шматлікімі акалічнасцямі.

Андрэй сыходзіць ад бізнесвумэн Жанны да цяжарнай ад яго студэнткі Каці. Каб паведаміць пра гэта, ён абірае самы неспрыяльны момант, які толькі можна ўявіць. Робіць гэта жудасна недалікатна, папросту плюе шчыра закаханай жанчыне ў душу — і тым самым запускае механізм помсты, дзе няма і не можа быць пераможцаў. Жыццё ўсіх трох зруйнаванае. Вінаватыя — усе.

Трагічнасць сітуацыі, закладзеная ў п’есу, адцяняецца ў спектаклі песенна-жанравымі, а таксама каларытнымі камедыйнымі сцэнамі, здатнымі выклікаць смех у зале. Песні, што выконваюцца самімі артыстамі, не застаюцца ўстаўнымі нумарамі. Яны не толькі даносяць гукавую фанасферу 1990 — 2000-х, але і ўтрымліваюць відавочныя праекцыі на драматургічнае дзеянне і ўзнятыя тэмы. Падзел ролі Віталя Аркадзьевіча на трох артыстаў (Валерый Глазкоў, Сяргей Толсцікаў, Сяргей Шырочын) спрошчвае ўспрыманне вялізнага маналога, які яны вядуць па чарзе, пашырае сэнсавае поле пастаноўкі, дадае ёй мастацкасці. На відовішчнасць працуе і добрая пластыка (Марына Баранава), і сцэнаграфія з вялізным экранам, які імітуе “хатні кінатэатр” (мастак — Святлана Макаранка). А разварот канапкі з фрагментам сцяны робіць змены месца дзеяння імгненнымі, дзякуючы чаму захоўваецца тэмпарытм.

Пры ўсёй сацыяльнай абвостранасці праблематыкі і лёгкасці ўспрымання, спектакль далёкі ад прымітыўнага падзелу на “дрэнных” багацеяў і “добрых” жабракоў. Усе яго сцэнічныя персанажы — неадназначныя. Гэта тым больш важна, што ў п’есах Пуліновіч узнікае спакуса чорна-белага падзелу герояў на станоўчых і адмоўных. Найбольш падкрэсленая тая мяжа паўставала ў купалаўцаў, дзе вясковая жаночая харавая суполка асацыявалася з курамі на седале, моладзь малявалася сакавітай сатырай, а закаханыя старыя — выключна рамантычнымі фарбамі.

“Жанна” ў Новым драматычным атрымалася больш шматзначнай, псіхалагічна тонкай, вельмі дакладнай паводле расстаўленых акцэнтаў, часта нечаканых. Жанчына на могілках (Людміла Баталава), якая ў п’есе выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, у спектаклі, наадварот, сімвалізуе двудушнасць, бо збірае магільныя кветкі для перапродажу. Віка (Мілана Іванова), пададзеная ў тэксце ахвярай карпаратыўнай зайздрасці, паўстае красамоўным прыкладам таго, як кар’ера засланяе сяброўства і сямейныя каштоўнасці. Злосная і халодная цэнтральная гераіня (Наталля Капітонава) аказваецца не проста моцнай, самастойнай жанчынай з цяжкім лёсам, а працаголікам з параненым чуллівым сэрцам. Яе бездапаможна безабаронная суперніца (Кацярына Каралёва) — вельмі хвацкай, скандальнай гультайкай. Андрэем (Арцём Пінчук) рушыць не безадказная здрада, а нармальная чалавечая прага клапаціцца пра кагосьці, каб тым самым пачуваць сябе “дарослым мужчынам”.

Спектакль адкрывае новыя акцёрскія імёны і невядомыя гледачам раней якасці ўжо добра знаёмых артыстаў.

Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ

рэдактар аддзела газеты «Культура»
29.10.2018
 

Добавить комментарий