“… Паланэз” як люстэрка ліцвінскага

“… Паланэз” як люстэрка ліцвінскага

Новы драматычны тэатр не перастае здзіўляць. Апошнім часам там стала традыцыяй выпускаць адзін адметны спектакль за адным. Артыстаў —  не пазнаць. Падобна на тое, змены да лепшага ўжо не шчаслівая выпадковасць, а сапраўдная сістэма. У гэтым пераканала і нядаўняя прэм’ера —  “… І слышатся лишь звуки полонеза”.  

У час працы над спектаклем галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кулікоўскі распавёў “К” (№ 48 за 2015 г.), што гэта будзе касцюміраваная гістарычная драма, прымеркаваная да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Прачытаўшы п’есу Ігара Соніна (пад гэтым псеўданімам хаваецца артыст Новага драматычнага Ігар Падлівальчаў), напісаную паводле навэлы “Локіс” (1869) Мэрымэ і п’есы “Мядзвежае вяселле” (1923) Луначарскага, я была ўпэўнена, што згадванне Агінскага —  усяго толькі гэткая нармальная кан’юнктура, выкліканая жаданнем звярнуць на тэатр увагу. І што насамрэч штуршком да з’яўлення прэм’еры сталася нашумелая стужка “Масакра” (2010) з падобным таксама не новым сюжэтам, якая і выклікала жаданне пераказаць гісторыю на новы лад. І чым больш мне казалі, што гэта не так, тым больш я пераконвалася ў сваіх падазрэннях, хаваючы іранічную ўсмешку. Як аказалася, дарма смяялася!

Дзеянне адразу бярэ ў палон. Сюжэтная лінія, пэўнае чаргаванне сцэн паўтараюць п’есу Луначарскага, але героі размаўляюць не так напышліва ды шматслоўна. А галоўнае —  прынцыпова іншы фінал, які цалкам змяняе не толькі характары персанажаў, але і сэнс аповеду: замест містыкі —  абсалютна рэальнае тлумачэнне падзей, з элементамі яшчэ і дэтэктыву.

Вось тут і пачынаюцца ўласна беларускія сувязі новай п’есы і самога спектакля. Цьмянае люстэрка, сыходзячы за якое, героі знікаюць дзесьці ў густым чарноцці “залюстроўя”. Трывожна сінія блікі паўзмроку. Падазроны (адразу відаць, што хітры) войт (Сяргей Тоўсцікаў), які відавочна штосьці задумвае. Дый доктар Брэдзіс (Валерый Глазкоў) не такі просты, як хоча ўяўляцца. Незразумелыя крыкі-стогны нейкай жанчыны (Адэліна —  Людміла Баталава) дзесьці ў далёкіх пакоях старадаўняга палаца. Што гэта, як не атмасфера “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча? Тая ж праблематыка еднасці і раздору сярод мясцовай шляхты, узнятая ў “Пане Тадэвушы” Адама Міцкевіча. Развіццём нацыянальнай тэмы ўспрымаецца выказванне Вітэнбаха (Юрый Шаланкоў) пра мову, што памірае, і рэпліка ў адказ генерала Растоўцава (Валерый Агаян): “Вучыце рускую, прыдасца ў вашай Прусіі”. На тое ж працуюць і іншыя каларытныя дэталі —  найперш вяселле: абрад спраўляецца па-беларуску, праводзіны ж нявесты ўвогуле ідуць пад аўтэнтычнае гучанне беларускай народнай песні.

Дзеянне адбываецца ў ХІХ стагоддзі на тэрыторыі цяперашняй Літвы. Як тонкая спасылка на літоўскія традыцыі ў сцэнаграфіі —  акцэнт на выкарыстанні прыродных матэрыялаў: спіленыя зверху ствалы дрэў замест калон, жырандолі ў выглядзе пераплеценых паміж сабой галінак (мастак —  Марына Шуста). Але азначэнні накшталт “літоўскі”, “літоўскія” так і хочацца замяніць на больш дакладнае —  “ліцвінскія”, што маюць дачыненне да ўсёй тэрыторыі і традыцый былога Вялікага Княства Літоўскага (невыпадкова ж Агінскі, як і іншыя прадстаўнікі беларускай шляхты, называў сябе ліцвінам, што зусім не сінонім літоўцу). І размова ў спектаклі ідзе не толькі і не столькі пра каханне, колькі пра страту гэтага самага “ліцвінскага”, звязаную з падзелам Рэчы Паспалітай, уваходжаннем часткі яе зямель у склад Расійскай імперыі, перадачай шляхецкіх маёнткаў расійскім уладарам —  на любой падставе.

Адзін з варыянтаў “добраахвотнай перадачы” згадваецца і ў спектаклі: калі ў графа Шэмета не будзе спадкаемцаў, усе ягоныя ўладанні адыйдуць расійскай дзяржаве. Калі ж ён ахвяруе землі на карысць сялян, заўсёды знойдзецца іх “правадыр”, які забярэ ўсё сабе, сыграўшы на іх даверы і юрыдычнай недасведчанасці. Памножыўшы гэта на прадказанні пра хуткую смерць, паненка Юлія ўсё роўна дае згоду на шлюб. Таму выглядае не шалапутнай дзяўчынкай, гатовай рабіць усё насуперак, а моцнай жанчынай, здольнай рызыкаваць і нават ахвяраваць жыццём дзеля не толькі кахання, але і працягу “ліцвінскага роду”.

Лейтматывам гэтай тэмы і становіцца мелодыя знакамітага Паланэза Агінскага “Развітанне з радзімай” —  як сімвал сыходу ліцвінскай культуры, ліцвінскіх традыцый. Ледзь адчыняецца завеса, яго напявае сядзелка старой графіні Міхаліна (Вольга Каралёнак). У пачатку другой дзеі ён становіцца сапраўдным выклікам расійскім вайскоўцам, што гасцююць у Даўгелах: з польскім тэкстам, на тры галасы яго спяваюць Юлія (Кацярына Ермаловіч), яе сястра Марыя (Аляксандра Некрыш) і граф Міхал (Аляксей Верашчака).

Спектакль прыцягвае суцэльным ансамблем яркіх акцёрскіх прац. Кожны герой (незалежна ад таго, цэнтральны ён ці эпізадычны) запамінаецца сваёй постаццю, манерай размаўляць, рухацца (рэжысёр па пластыцы —  Марына Баранава). Хвацкі, “звонкі”, ды пусты Апалон Зуеў (а мо, таму і такі гулкі, што сапраўдны пустазвон?) у выкананні Арцёма Пінчука штораз зрывае апладысменты: не роля —  дыямент! Дый увесь спектакль —  сціплая, някідкая перлінка. Простымі, але адточанымі тэатральнымі прыёмамі ў ім вядзецца размова пра вечныя чалавечыя ісціны. Праз абалонку “містычнай меладрамы”, як акрэслены жанр у праграмцы, паўстае глыбокае асэнсаванне не толькі гістарычных падзей, але і такога “зашмальцаванага” апошнім часам паняцця, як патрыятызм.

Газета “Культура”

Надзея БУНЦЭВІЧ

31.3.2017
 

Добавить комментарий