Просты смех у спектаклi пра вайну

Просты смех у спектаклі пра вайну

Як шчаўчком змяніць глядацкае ўспрыманне галоўнага персанажа
Калі-калі, а ў год сямідзесяцігоддзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай недахопу «прымеркаванага» мастацтва ў беларускім культурным асяродку быць не можа. Тым больш што «мы толькі думаем, што вайна скончылася ў сорак пятым…» Выбітны беларускі драматург Андрэй Макаёнак тут вельмі дарэчы. Яго спадчыну, трагікамедыйную п’есу «Трыбунал», выкарыстаў Новы драматычны тэатр і прадставіў аднайменны спектакль, прэм’ера якога адбылася на гэтым тыдні. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам стаў Сяргей Кулікоўскі.

Прэм’ера спектакля 17 сакавіка
Выкарыстанне прарыўной для свайго часу п’есы Андрэя Макаёнка можна лічыць сімвалічным, калі б яна ні ставілася. Таму што магчымасць смяяцца з таго, што знаходзіцца ў кантэксце сусветнай бяды, — сорт сучаснага шчасця. У той час, як тэма вайны паказвалася выключна ў драматычным, трагедыйным, батальным — адным словам, грандыёзных па напружанні — жанрах, Макаёнак лёгкай рукой напісаў трагікамедыю. Сюжэт пра быццам звычайную сялянскую сям’ю ў трыадзінстве месца, часу і дзеяння. Тое, што з ёй у гэтай складанай тэме можна разам пасмяяцца, — вельмі ўдалы аксюмаран. На ўсе часы. Адзінства месца — сялянская хата з ручнікамі, ступкамі ды гарэлкай на стале — іграе асвятленнем, снегам за дзвярыма, «Зімой» Антоніа Вівальдзі ды выверанай мізансцэнай.
У вячэрні спакой у хату, дзе гаспадарчымі справамі займаюцца маці Паліна (Таццяна Папова) з нявесткай, заскоквае ўзбуджаны галава сям’і — Цярэшка Калабок (у двух саставах яго іграюць Ігар Нікалаеў і Аляксандр Гусеў). Аказалася, што яго прызначылі старастам вёскі, з нагоды чаго трэба пачаставаць новых начальнікаў. У хату завальваюцца паліцай Сырадоеў і немец-камендант, перад якімі Калабок мітусіцца, апраўдваецца за звычку казаць «таварыш» і расказвае, што пры савецкай уладзе быў пастухом. Потым ён быццам п’янее, шмат гаворыць («што ў п’янага на ўме, то слова не верабей») і стварае сапраўдны вобраз маленькага чалавека, на галаву якога цудам звалілася «ганаровая» пасада. І глядач верыць у гэты вобраз, тым больш разам з сям’ёй Цярэшкі, для якой новае становішча бацькі — несусветная ганьба.
Трыбунал — насамрэч не тое, што можа ўзнікнуць у думках пры звязванні назвы спектакля (чытаць: п’есы) з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Не зброя, не агонь, не жудаснае катаванне, не фашысцкая жорсткасць, не бесчалавечая знявага. Але ўсё ж такі незвычайны паварот, дарэмнае абвінавачванне і суровы прыгавор. Прыгавор «свежаму» старасце вёскі: пасля таго, як прыйдзе цемра, кінуць яго ў ваду. Хто прысудзіў? — жонка з дзецьмі, трыма з дванаццаці, ды нявесткай.
Сыны Цярэшкі Калабка ваююць на фронце, дочкі чакаюць жывых мужоў, малодшы сын Валодзька — імпульсіўны, эмацыянальны і моцны духам — хавае зброю ў патайным месцы, поўніцца нянавісцю да фашыстаў і, як глядач пачынае падазраваць з пачатку спектакля, становіцца галоўным трагічным акцэнтам пастаноўкі. У такой сям’і здраднік выглядае дзіўна.
Дарэчы, хочацца адзначыць падбор акцёраў, напрыклад, на ролю мужнага Валодзькі: Павел Чарноў паказаў хлапечую далікатнасць, крохкасць і жаласлівасць, што разам з кранальным заіканнем прыгожа дысануе з гучнымі заявамі і рашучасцю персанажа.
Мнагазначна абыграны і вобраз каменданта, створаны Сяргеем Тоўсцікавым (у першым саставе Ігарам Падлівальчавым). Ён тонка чапляе дробязямі, даючы зразумець, што ўлада, якая б яна ні была — улада. Але з яе можна пасмяяцца. З таго, як агідна камендант прыцмоквае, упэўнена закідвае нагу на стол, хоць гэта яму не патрэбна і няёмка, як недарэчна п’янее,  па-дурному сябе паводзіць.
Але нічога нельга параўнаць з момантам, які мяняе асвятленне (не фізічнае, вядома ж) вобраза бацькі сям’і. Гэта сюжэтны падзел спектакля, калі ты ўсведамляеш, што падманваўся разам з героямі.
Быў мітуслівы «маленькі чалавек» Цярэшка Калабок, з рухаў і слоў якога можна было з задавальненнем усміхнуцца. Ён такім і застаўся, толькі ў момант ты разумееш, што Цярэшка — не здраднік, не ахламон, не нямецкі ліслівец. Таму што новая пасада яго — сакрэтнае партызанскае заданне. Шчаўчок. Цярэшка аказваецца на другім баку (дзе выглядае ўжо больш арганічна), на якім і словы яго, той жа «таварыш», падаюцца мнагазначнымі, бясконцая цярплівасць да выбрыкаў ганарлівага Сырадоева — геройскай. «Маленькі чалавек» раптам становіцца вартым і дужым.
Рэжысёр удала паманіпуляваў глядацкімі чаканнямі. Нягледзячы на тое, што Цярэшка ў сям’і, якая люта ненавідзіць ворагаў, з новай пасадай выглядае незвычайна, рэжысёр змог гэты падман захаваць да таго самага шчаўчка, а намёкі прыраўняць да выпадковасцяў. Наўмысна. У той час як нечага выключнага з пачатку чакаеш ад Валодзькі.
Супраць бацькі паўсталі ўсе члены сям’і, адназначна адданыя непарушным каштоўнасцям сваёй краіны. І Цярэшка нават рады гэтаму факту, таму што ён так выхоўваў сваіх дзяцей, укладваў у іх светаўяўленне і патрыятызм.
Напрыканцы спектакля гучыць песня са словамі «што пасееш, то і пажнеш».
Учыніць суд над мужам/родным бацькам з прычыны яго вонкавай здрады Радзіме — гэта тое ж самае, што Аўрааму аддаць у ахвяру Богу свайго сына Ісаака. На шчасце, ні ў тым, ні ў іншым выпадку справа не дайшла да канца, але разам з гэтай паралеллю Радзіма даволі пафасна суадносіцца з Богам і становіцца ў шэраг неабвержных каштоўнасцяў. Не паспрачаешся.
Але і ў біблейскім апавяданні замест сына прыйшлося нечым ахвяраваць. Дзеля Бога. Спектакль Новага драматычнага тэатра таксама скончыўся ахвярай. Дзеля Радзімы.
Падчас пастаноўкі нельга не падумаць: як добра, што праз семдзесят гадоў (пяцьдзясят, дзевяноста) поўны зал тэатра можа з такой лёгкасцю смяяцца з крыху пікантных сітуацый у сялянскай хаце падчас вайны. І смяяліся — а п’еса Макаёнка даўно з поспехам выкарыстоўваецца рознымі тэатрамі, у тым ліку замежнымі. І будуць смяяцца.
Такая трагікамедыя можа захаваць памяць пра вайну, адзначыць юбілей Перамогі, але і прымусіць з палёгкай уздыхнуць (у нас жа «мірнае неба над галавой») і дазволіць шчасліва ўсміхнуцца таму, што ўсё гэта так далёка.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Газета № 56 (27914) за 25.03.2015 «Звязда»

31.3.2017
 

Добавить комментарий