Как Новый драматический театр превратил геометрию в чувства.
“Квадратура круга” як супрэматызм
У Новым драматычным тэатры заняліся геаметрыяй -- і паставілі “Квадратуру круга”. Перайшлі да геаграфіі -- і 30 студзеня пакажуць сваё творчае збудаванне ў Маладзечне, на сцэне Мінскага абласнога драмтэатра.
Школьна-дарослы расклад
Новы спектакль -- гэта паглыбленне ў савецкую літаратуру. А яшчэ -- у гісторыю, пачынаючы з часоў Старажытнага свету. Таксама ў выяўленчае мастацтва пачатку ХХ стагоддзя з яго пошукамі новых кірункаў. Нарэшце, у псіхалогію чалавечых пачуццяў і прыцягненняў, заканамернасцей сямейнага ладу. Інтрыга?
Творчасць Валянціна Катаева знаёмая шырокім колам найперш па аповесці “Бялее ветразь адзінокі”. Калісьці гэты твор быў уключаны ў абавязковую школьную праграму, цяпер жа рэкамендаваны як дадатковае чытанне для 5-га класа. На спектаклі я сутыкнулася з людзьмі сталага веку, якія папросту не верылі, што аўтар -- той жа самы пісьменнік: маўляў, надта ж п’еса адрозніваецца ад добра вядомай аповесці! Сапраўды так. А ўсё таму, што абодва творы як нельга лепей адлюстроўваюць тэндэнцыі эпохі і ўласцівы ёй пераход ад гуллівай сатыры 1920-х гадоў да “сур’ёзнага” сацрэалізму 1930-х.
Пры ўсёй еднасці аўтарскага почырку, змены заўважныя нават знешне. Назва аповесці вынікае з рускай класікі, рамантычных павеваў Лермантава -- гэта цытата аднаго з яго зноў-такі “школьных” вершаў. А назва п’есы вядзе да невырашальнай задачы старажытнага Егіпта: з дапамогай лінейкі і цыркуля пабудаваць квадрат той жа плошчы, як кола. У Катаева ўзаемаадносіны закаханых -- менавіта квадрат, а не праславуты трохкутнік. Кола -- сімвал замкнёнасці прасторы, хаджэння па крузе, бо дзве маладыя сямейныя пары вымушаны жыць разам. Нават не ў камунальнай кватэры, а ў адным пакоі -- учатырох, адгарадзіўшыся шырмай-фіранкай. Уласна ж квадратура круга -- метафара невырашальнасці жыллёвых і эмацыйных праблем герояў. Праўда, усё заканчваецца добра. Задача, прынцыпова невырашальная для ўсяго сусвету, з лёгкасцю знаходзіць тут наіўна-прымітыўнае рашэнне: героі папросту мяняюцца сваімі палоўкамі. Бо разумеюць, што сэрца не падпарадкоўваецца агульнай класавай прыналежнасці, палітычнай платформе і працоўным кантактам. Агульначалавечы пасыл і жартоўна-вадэвільны характар садзейнічалі частым пастаноўкам. Камедыя нораваў-становішчаў, дзе іронія спалучаецца са шчырай лірыкай, да вайны абыйшла ледзь не ўсе савецкія тэатры -- прафесійныя і аматарскія, палюбілася нават у далёкім замежжы: п’есу ставілі ў Еўропе і Амерыцы. Чым жа цікавае цяперашняе ўвасабленне, прапанаванае рэжысёрам Аляксандрам Бародкам?
Мастацкія бліскаўкі
Часавая адлегласць зрабіла больш відавочнай іронію. Ператварыла яе з крыху сумнай, “прыцярушанай” у больш адкрытую. У адпаведнасці з постмадэрнам, узмацніўся прынцып гульні. Замест некалькіх безназоўных гасцей, рэплікі якіх пазначаны ў п’есе нумарамі, з’явілася Трактарына. Пашырылася роля камсамольскага лідара Флавія, імя якога пазычана са старажытнарымскай гісторыі. Узнік прыём тэатра ў тэатры. Бо дзеянне пачынаецца не ўласна з тэкста п’есы, а з дапісанага маналога Флавія, прычым герой ідзе праз усю глядзельную залу, злучаючы эпохі: “Увесь свет -- тэатр, а ты забыў квіткі”. Тое, што ён Флавій, мы ўцямім пазней, а пакуль успрымаем яго гэткім правадніком між сусветамі -- сучаснасцю і гісторыяй, рэальнасцю і мастацтвам. Ён сыпле лозунгамі -- савецкімі і смешна стылізаванымі пад эпоху, размоўнымі і напісаным на плакатах, дадае жартоўныя рэплікі пры аб’яве антракта і пачатку другой дзеі.
Ідэя такога злучэння эпох падкрэслена і касцюмамі (мастак-пастаноўшчык -- Лідзія Малашанка). Яны нагадваюць выкшталцоную модную калекцыю, бо ўтрымліваюць дэталі стогадовай даўніны, абыграныя найноўшымі дызайнерскімі рашэннямі. Тое ж -- у сцэнаграфіі. Паўсюль пануе супрэматызм, пераносячы нас у Віцебск 1920-х гадоў з яго авангардным УНОВИСам Казіміра Малевіча: тыповыя “аднаслойныя” колеры, простыя геаметрычныя фігуры -- тыя ж колы, квадраты і іншыя. Але ў спалучэнні з сучаснымі дэталямі інтэр’ера накшталт падабенства лінейных свяцільнікаў, быццам падкрэсліваючы гістарычную пераемнасць і ідэю гульні, закладзеныя ўжо ў назве п’есы і моцна развітыя ў спектаклі. Знакамітая скульптура Веры Мухінай “Працоўны і калгасніца” дапоўнена колам каўбасы замест сярпа (дарэчы, Малевіч таксама эксперыментаваў у падобным рэчышчы, выкарыстаўшы ў калажы “Частковае зацменне” 1914 года -- “Мону Лізу”).
Стыльная канцэпцыя, заснаваная на супрэматызме, становіцца тым стрыжнем, што трымае ўвесь спектакль. Робіць яго не гэткай немудрагелістай жартачкай, а сучасным мастацкім асэнсаваннем няпростых гістарычных паралелей і псіхалагічных задач. Невырашальных ці ўсё ж вырашальных? Гэта пытанне не пакідае пасля прагляду, вымушае вяртацца да ўбачанага зноў і зноў. І ў пэўны час засланяе сабой яркую ўласна візуальную карцінку. А паглядзець там ёсць што!
Спектакль добра расфарбаваны-“расквечаны” песнямі і танцамі. Прыпеўкі ўвогуле гучаць жыўцом. Харэограф Павел Стрэльчанка не баіцца давяраць артыстам нават даволі складаныя рухі, піруэты, падтрымкі. Бо творчая моладзь, якой у тэатры паболела, цудоўна з гэтым спраўляецца. Да таго ж, праз такія нумары, якія маглі б упрыгожыць і канцэртныя праграмы, іронія шчодра разбаўляецца добрай усмешкай, эмацыйным запалам, сапраўдным драйвам. Таму няма чаго здзіўляцца, што спектакль пры яго даволі частых паказах збірае пастаянныя аншлагі і пашырае кола ўдзячных гледачоў.