“Вадэвілі” і тапёр на п’едэстале
№ 46 (1537) 14.11.2021 - 20.11.2021 гСпектакль яшчэ не пачаўся, а з экрана, усталяванага на задніку, падміргвае Чэхаў — Антон Паўлавіч. І адразу зразумела, што гэтым разам у Новым драматычным нас чакае штосьці папраўдзе новае: з вадэвіляў “Прапанова” і “Юбілей” здзьмуць пыл.
Галоўнай “здзьмувальшчыцай” выступіла маладая рэжысёр Лізавета Машковіч, сабраўшы такую ж маладую па духу каманду. Дарэчы, у час спектаклю пыл і сапраўды будуць неаднаразова здзімаць: з аркушаў паперы, падушак, іншых рэчаў — пад вясёлыя гукі жывой музыкі. Увесь вечар “за раялем” (а насамрэч за электронным піяніна, узведзеным на подыум з прыступкамі — своеасаблівы п’едэстал) — непаўторны Арцём Пінчук. Ягоны тапёр не проста музыкант (акцёр выдатна валодае інструментам), ён яшчэ распарадчык, суразмоўца, канферансье. Ён рэагуе на падзеі не толькі музыкай, але і рэплікамі, дзеяннямі. І часам увогуле ўспрымаецца галоўным апавядальнікам і своеасаблівым рэжысёрам, ледзь не чараўніком Драсельмеерам, які ажыўляе тую ці іншую гісторыю, падфарбоўваючы яе жартачкамі. Класічныя маналогі, што вымаўляюцца ў залу, часцяком уяўляюць з сябе патаемныя, але быццам выказаныя ўслых думкі і таму не заўсёды ўспрымаюцца натуральна. А тут яны ператвараюцца ў дыялогі з тапёрам, гучаць быццам не для публікі, а для гэткага правадніка між рознымі сусветамі — тэатра і публікі, мастацтва і рэальнасці.
Сцэна са спектакля “Прапанова”.
Дзеянне разгортваецца паралельна адразу ў трох вымярэннях: на сцэне, на экране і на згаданым подыуме-п’едэстале. Невыпадкова некаторыя героі ўваходзяць-сыходзяць менавіта праз яго, а не з’яўляюцца з куліс. Сцэнаграфія Лідзіі Малашэнка простая, але “з сакрэтам”: подыум адначасова становіцца шкапчыкам, дзе хаваецца стол. Сцэнічныя строі — бы выкшталцоная модная калекцыя на тэму палосак, частка якіх наўпрост асацыюецца з чорна-белымі клавішамі. Відэакантэнт Сяргея Суміна не дубліруе падзеі, а дапаўняе іх — смешнымі маляванымі мульцікамі, чорна-белымі відэаздымкамі, стылізаванымі пад нямое кіно стагадовай даўніны, дзе ўдзельнічаюць не толькі занятыя ў спектаклі, але і іншыя акцёры, мільгае нават сама рэжысёр. Дый гуллівы партрэт Чэхава даецца ў такім ракурсе, што вельмі нагадвае сучаснага беларускага кампазітара Сяргея Бельцюкова.
Сцэна са спектакля “Юбілей”.
Акцёрскія работы — яркія, адметныя, часам нечаканыя, як і выведзеныя характары чэхаўскіх герояў. Эдуард Вайніловіч іграе адразу дзве ролі, кантрасныя звыклым для гэтага артыста лірычным героям: няўпэўненага ў неабходнасці жаніцьбы Ломава і, у другім вадэвілі, улюбёнага ў сябе Шыпучына. Запамінальныя вобразы Таццяны Аляксееўны і Мярчуткінай ствараюць адпаведна Ксенія Асташонак і Таццяна Жданава. Чубукоў (Сяргей Шырочын ці, у іншым складзе, Аляксандр Вергуноў) танцуе бугі-вугі. Яго дачка Наталля Сцяпанаўна пры сваім першым з’яўленні нагадвае гандлярку з Камароўкі: кірзачы, бясформенная спадніца, большая на тры памеры камізэлька, галава ці то шалікам, ці то ручніком закручана-замотана. У такім абліччы артыстка Надзея Анцыповіч, днямі ўганараваная Нацыянальнай прэміяй за ролю Гелі ў “Варшаўскай мелодыі”, пачуваецца крыху найграна, ненатуральна. Але ж як змяняецца гераіня, даведаўшыся пра заляцанні да яе суседа, з якім толькі што лаялася: выходзіць у доўгай напаўпразрыстай сукенцы і голасам, рухамі, усімі сваімі паводзінамі спакушае патэнцыйнага жаніха. Спрэчкі пра Валоўі лужкі і сабакаў заканчваюцца хэпі-эндам: мы бачым шчаслівую сямейную пару, якая і надалей будзе падсілкоўваць свае пачуцці падобнымі эмацыйнымі ўзрушэннямі-сваркамі.
Абодва чэхаўскія вадэвілі маюць вельмі багатую тэатральную, музычна-тэатральную і кіношную радаслоўныя. Згадаю хаця б оперу “Юбілей” Сяргея Картэса, што стваралася для буйнога фестывалю ў Швейцарыі, ішла на сцэне Вялікага тэатра, ставілася Ганнай Маторнай для студэнцкай трупы, паказвалася на Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа”. Дый “Прапанова” мела як драматычнае, так і опернае і балетнае ўвасабленні (забыць спектакль і фільм “Чой-то ты во фраке?” і Любоў Палішчук у балетнай пачцы і пуантах немагчыма). Пры ўсёй такой перадгісторыі рэжысёр здолела знайсці свой адметны падыход — і стварыць смешны і адначасова вельмі глыбокі спектакль. Брава!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"